child4 красавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, у касцёлах Беларусі распачынаецца акцыя «Духоўнае ўсынаўленне». Гэта добрая магчымасць выратаваць ад смерці ненароджанае дзіця, падтрымліваючы яго сваімі малітвамі. 

Што такое духоўнае ўсынаўленне?
Духоўнае ўсынаўленне — гэта абяцанне (шлюб), дадзенае Богу, маліцца за ненароджанае дзіця, якому пагражае аборт. 
На працягу 9 месяцаў, пачынаючы ад урачыстасці Звеставання Пана і да Божага Нараджэння, той, хто вырашае «духоўна ўсынавіць» пэўнае дзіця, павінен маліцца за яго кожны дзень. 
Звычайна гэта адна таямніца Ружанца («Ойча наш» і 10 «Вітай, Марыя»), а таксама спецыяльная малітва ў інтэнцыі дзіцяці і яго бацькоў. Да гэтых малітваў можна далучыць добрыя ўчынкі, якія кожны выбірае для сябе сам. Аднак «Духоўнае ўсынаўленне» можна распачаць і без дадатковых добрых учынкаў, таму што яны не з’яўляюцца абавязковымі. 
Распачнецца «Духоўнае ўсынаўленне» 4 красавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана. Падчас урачыстай святой Імшы вернікі складуць свае абяцанні Богу.

Гісторыя «Духоўнага ўсынаўлення»
«Духоўнае ўсынаўленне» як малітоўная акцыя з’явілася пасля фацімскіх аб’яўленняў Панны Марыі. Яно стала своеасаблівым адказам на заклік Маці Божай да малітвы на ружанцы, пакаяння і кампенсацыі за грахі, якія вельмі раняць Яе Беззаганнае Сэрца.
 
Хто можа «духоўна ўсынаўляць»?
Кожны хрысціянін, незалежна ад полу і ўзросту, можа маліцца за ненароджанае дзіця падчас «духоўнага ўсынаўлення». Аднак да такой малітвы патрэбна ставіцца з адказнасцю і не прапускаць ніводнага дня на працягу вызначаных дзевяці месяцаў. 
Па статыстыцы ў «Духоўным усынаўленні» ўдзельнічаюць асобы старэйшага ўзросту і хворыя, цярпенні якіх прыносяць духоўныя плёны. Заахвочваюцца да такой малітвы таксама дарослыя і моладзь.
Дзеці таксама могуць удзельнічаць у «духоўным усынаўленні», але пад апекай дарослых, якія з мудрасцю і разуменнем будуць весці іх у гэтай малітве.
Разведзеныя і тыя, хто жыве ў несакрамэнтальных саюзах, таксама могуць «духоўна ўсынаўляць» ненароджаных дзяцей.

Якія плёны прыносіць «Духоўнае ўсынаўленне»?
Перш за ўсё гэта магчымасць выпрасіць у Бога ласкі, неабходныя для захавання жыцця дзіцяці, якое знаходзіцца пад пагрозай смерці. 
Па-другое, гэта дар духоўнага аздараўлення для ўсіх, хто нейкім чынам у сваім жыцці сутыкнуўся са смяротным грахом аборту, дар аздараўлення старых ранаў і малітва-засцярога за тых, хто збіраецца зрабіць аборт.
Па-трэцяе, гэта своеасаблівая сямейная малітва аздараўлення. Яна можа ўзмацніць сувязі сямейнай любові і дапамагчы з большай пашанай ставіцца да Божага дару жыцця. 

Асаблівыя ўмовы «Духоўнага ўсынаўлення»
У «Духоўным усынаўленні» можна ўдзельнічаць кожны год, пры ўмове, што былі выкананы папярэднія «ўсынаўленні». Перад кожным новым «усынаўленнем» зноў складаюцца абяцанні. 
Духоўна ўсынавіць на працягу дзевяці месяцаў можна толькі адно дзіця.

Ці абавязкова даваць абяцанні «Духоўнага ўсынаўлення» ў касцёле ў прысутнасці святара?
Рэкамендуецца складаць абяцанні падчас святой Імшы ва ўрачыстасць Звеставання Пана. Але можна іх скласці і прыватна.
У такім выпадку дома перад крыжам ці абразом чытаецца формула абяцання, і з гэтага часу аж да сканчэння «Духоўнага ўсынаўлення» патрэбна маліцца адной таямніцай Ружанца (выбіраецца індывідуальна), а таксама малітвай у інтэнцыі дзіцяці і бацькоў. 

Ці будзе з’яўляцца грахом, калі хтосьці забудзецца памаліцца за дзіця?
Калі мы проста забыліся памаліцца ў пэўны дзень, то гэта не з’яўляецца грахом. Грэх здзяйсняецца тады, калі мы добраахвотна і свядома не выконваем складзеныя Богу абяцанні.

Што рабіць, калі малітва была занядбана на працягу доўгага перыяду?
Калі па нейкіх прычынах малітва не прамаўлялася на працягу месяца і больш, «Духоўнае ўсынаўленне» спыняецца.
У такім выпадку патрэбна скласці новыя абяцанні, імкнучыся стрымаць іх. Калі ж малітва была прыпынена на кароткі час, то трэба працягваць «усынаўленне», а малітву павялічыць на колькасць прапушчаных дзён.

Паводле: catholic.by

  • Комментарии не найдены
Добавить комментарий